ЦЮЛЬПА́НАВАЕ ДРЭ́ВА лірыядэндран

(Liriodendron),

род кветкавых раслін сям. магноліевых. 2 віды з разарваным арэалам, характэрным для стараж. груп кветкавых раслін: Ц.д. амерыканскае (L. tulipifera) з Паўн. Амерыкі і кітайскае (L. chinense), расце ў Кітаі і на Пн Індакітая. У выкапнёвым стане вядомыя з верхняга мелу. На Беларусі інтрадукавана ў паўд. і паўд.-зах. раёнах Ц.д. амерыканскае. Трапляецца рэдка.

Ц.д. амерыканскае — лістападная расліна выш. 50—60 м (ва ўмовах Беларусі каля 18 м). Ствол дыям. да 3,5 м. Крона яйцападобная. Лісце лірападобнае, лопасцевае, бліскучае, даўж. 12—15 см. Кветкі адзіночныя, на канцах галін, буйныя (дыям. каля 6 см), зеленавата-белыя, нагадваюць кветкі цюльпанаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны. Драўніна прыдатная для вырабу мэблі, муз. інструментаў. Дэкар. расліна.

Цюльпанавае дрэва амерыканскае.

т. 17, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)